У 2021 годзе ў календары Рэспублікі Беларусь з’явілася новае дзяржаўнае свята, якое мы адзначаем 17 верасня, – Дзень народнага адзінства.
Гэта дата невыпадковая, бо менавіта 17 верасня 1939 года пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Сёння, па сканчэнні столькіх гадоў, можна з упэўненасцю сказаць, што галоўная сіла, якая забяспечыла ўз’яднанне заходніх і ўсходніх беларусаў, – гэта імкненне годна жыць у адзінай моцнай дзяржаве, якое ідзе з глыбіні народнай душы. Гэта свята – нагода задумацца аб значэнні памяці і ўласнай гісторыі.
Напярэдадні Дня народнага адзінства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «У Год гістарычнай памяці лічу важным падкрэсліць, што дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як напамін пра каштоўнасць свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам, беларусам, права заняць сваё месца на карце свету. Мы будзем памятаць пра гэта, як і тое, што мы адбыліся як народ, нацыя, дзяржава, перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі краіну з попелу і нават апярэдзілі некаторых у засваенні космасу, ядзернай энергетыцы, біятэхналогіях дзякуючы людзям працы».
Мы, жлабінчане, таксама праслаўляем наш край у літаратуры, мастацтве, навуцы, спорце. Жлобінская зямля – гэта край працаўнікоў, энтузіястаў, захопленых фізічнай культурай і творчасцю, проста тых, хто любіць сваю Радзіму і намагаецца зрабіць навакольны свет яшчэ лепш.
Многія моманты нашага жыцця выклікаюць асаблівы гонар. Напрыклад, калі мы ўсе разам прымаем удзел у патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае!» у Дзень Перамогі: плячом да пляча ў калоне ідуць урачы і металургі, педагогі і чыгуначнікі, аграрыі і энергетыкі з партрэтамі продкаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі нашу Радзіму… Ці калі мы разам выходзім на суботнік, каб добраўпарадкаваць зямлю, на якой жывём… Ці калі мы проста робім адну справу на працы і атрымоўваем выдатны вынік... Кожны з нас паасобку і ўсе мы разам добрасумленнай працай, выдатнай вучобай і добрымі ўчынкамі захоўваем і ствараем гісторыю сваёй краіны, бо Беларусь складваецца з кожнага з нас.
Таццяна СКОБЕЛЕВА.
Фота з архіва рэдакцыі.
Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники", "Фейсбук", instagram, twitter, Telegram, YouTube