НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

79 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, вераломна, без аб’яўлення вайны на Савецкі Саюз напала фашысцкая Германія. Так пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. Толькі на тэрыторыі Жлобінскага раёна было расстраляна і закатавана каля 5 тысяч мірных жыхароў. На франтах, у партызанскіх атрадах і ў шэрагах падпольшчыкаў загінула звыш 7 тысяч нашых землякоў, больш 2 тысяч не вярнуліся з катаржных работ і канцлагераў.

У СТУДЗЕНІ 1944-ГА

Адна з самых страшных трагедый адбылася 14 студзеня 1944 года ў вёсцы Ала, што на тэрыторыі цяперашняга Светлагорскага раёна. Тут фашысты спалілі і расстралялі 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. Гэта ў 12 разоў больш, чым у Хатыні. Сярод загінуўшых было нямала жыхароў Жлобіншчыны, асабліва шмат – з вёскі Кароткавічы: некалькі сотняў чалавек (97 сем’яў).

Бядзе, якая здарылася ў Але, папярэднічалі наступныя падзеі. У кастрычніку 1943 года ў сувязі з набліжэннем фронту немцы загадалі вяскоўцам пакінуць свае дамы. Амаль да самых Каляд жанчыны, дзеці і старыя прасядзелі ў лесе, у голадзе, холадзе і ў пастаянным страху. А потым многіх, хто не здолеў схавацца, фашысты пагналі ў вёску Ала. Каля сямі гадзін раніцы 14 студзеня сюды ўварваліся карнікі. Яны пачалі выганяць людзей з хат, каго ў чым засталі. Пры дапамозе спецыяльна надрэсіраваных злых аўчарак з выкрыкамі «Русь – банда!» усіх загналі ў хлявы. Потым нявольнікаў групамі па 15–20 чалавек пачалі выводзіць з хлявоў і заганяць назад у хаты, якія тут жа падпальвалі. Загарэліся і хлявы, дзе таксама заставаліся людзі. Тыя, хто хацеў выскачыць з полымя, тут жа траплялі пад кулямётны агонь.

СВЕДКІ ТРАГЕДЫІ

У тым пекле апынуўся і 42-гадовы жыхар Кароткавічаў Тарас Колеснеў (на здымку) з сям’ёй. Яго жонка і пяцёра дзяцей загінулі. Сам жа мужчына цудам застаўся ў жывых. Немцы палічылі яго мёртвым. Пасля вайны Тарас стварыў новую сям’ю, у якой зноў было пяцёра дзяцей. Адзін з іх – Іван Колеснеў – сёння жыве ў Кароткавічах. Ён расказаў:

– Мой бацька як сведка ездзіў у Мінск даваць паказанні спецыяльнай камісіі, якая збірала матэрыялы аб злачынствах фашыстаў. Там ён апазнаў аднаго з карнікаў – палоннага нямецкага салдата, які прымаў удзел у забойстве мірных жыхароў у Але. Пазней паказанні бацькі былі выкарыстаны на Нюрнбергскім міжнародным працэсе як неабвержныя доказы генацыду беларускага народа падчас нямецкафашысцкай акупацыі.

Наогул трагедыю ў Але перажылі адзінкі. Сярод тых, каму пашчасціла вярнуцца дамоў, была і Антаніна Навуменка (1922–2007) – таксама жыхарка Кароткавічаў. Яе дачка, Валянціна Логвін, не раз чула ад маці ўспаміны пра тыя падзеі. Валянціна Іванаўна паведаміла:

– Тое, што мая матуля засталася ў жывых, не іначай як цудам назваць нельга. Яе аглушыў выбух гранаты, спіна і нага былі моцна апалены агнём. А калі немцы з сабакамі хадзілі па вёсцы і дабівалі тых, хто яшчэ дыхаў, адзін сабака спыніўся ля матулі, якая ляжала без прытомнасці, ды чамусьці не заўважыў, што яна жывая. Але ў той страшны дзень загінулі восем чалавек з матулінай радні.

Валянціна Логвін таксама стала маці, потым – бабуляй. Сёння яна ў сваіх малітвах просіць Бога перш за ўсё аб тым, каб не было больш на нашай зямлі вайны. Валянціна Іванаўна часта прыходзіць у мясцовую сельскую бібліятэку, дзе сабраны дакументы пра яе землякоў, якія загінулі ў ваеннае ліхалецце. Ёсць тут матэрыялы і пра яе маці, успаміны якой у свой час друкаваліся на старонках раёнкі, былі змешчаны ў раённай кнізе «Памяць» (на здымку). 

 

САЛДАЦКАЯ КАША

Многія з мірных жыхароў у тыя студзеньскія дні 1944 года здолелі схавацца ад карнікаў у глыбіні лесу ці на балоце і не трапілі ў Алу. Сярод іх была і Марыя Ісаенка (замужам – Жабыка). Сёння Марыі Тарасаўне ўжо 89 гадоў. Але памяць ёй па-ранейшаму не змяняе. Жанчына гаворыць:

 – Нацярпеліся мы, малыя дзеці і наша маці, тады ў лесе. Ледзьве не памерлі ад голаду. Таму да гэтага часу памятаю смак кашы, якой нас частавалі салдаты прама ў лесе. У мяне было чатыры сястры і пяцёра братоў. Нашай сям’і ў нейкай ступені пашчасціла, таму што ўсе мы выжылі. А вось наша нявестка, жонка аднаго з маіх братоў, Еўфрасіння Ісаенка, і яе двое дзяцей навечна засталіся ў Але. Што тычыцца маіх братоў, дык усе яны трапілі на фронт. І ўсе вярнуліся дамоў. Так, відаць, Богу трэба было.

ЖЫВЫЯ КВЕТКІ

Многія з жыхароў Кароткавічаў не раз ездзілі на месца, дзе некалі стаяла мірная вёска Ала, якая так і не адрадзілася. Гэтае месца пасля вайны было добраўпарадкавана: на брацкай магіле воінамвызваліцелям узведзены помнік, на ўскрайку былой вёскі ўсталявалі паклонны крыж і памятны камень. Тут у дзень трагедыі штогод праходзяць мітынгірэквіемы. А сёлета на гэтым святым месцы быў пабудаваны мемарыял, які павінен стаць сімвалам агульнай народнай памяці ахвяр вайны.

Пабываць на новабудоўлі жыхары Кароткавічаў таксама збіраюцца. А пакуль яны прыйшлі да помніка спаленым вёскам Кароткавіцкага сельсавета (стаіць у цэнтры Кароткавічаў, пабудаваны яшчэ ў савецкія часы), каб аддаць даніну памяці загінуўшым родзічам і аднавяскоўцам. Марыя Тарасаўна Жабыка з дачкой Ларысай (нявестка Колесневых) і Іван Колеснеў (здымак уверсе) усклалі тут жывыя кветкі.

Мікалай ШУКАНАЎ , Ганна НАВУМЕНКА.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА і з сямейнага архіва Колесневых.

Статья опубликована в газете "Новы дзень" №47 от 19.05.2020

Полная перепечатка текста запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук",
 instagramtwitterTelegram