НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

23 лютага жыхары Майскага ўрачыста адзначаць 75-ю гадавіну са дня вызвалення населенага пункта ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Напярэдадні свята мы пабывалі тут, каб сабраць матэрыял для данай публікацыі. У гэтым нам дапамаглі кіраўнік справамі сельвыканкама Наталля Крыпіневіч і бібліятэкар сельскай бібліятэкі Ларыса Пушкова.

На пярэднім краі   

Спачатку звернемся да гісторыі вызвалення тэрыторыі Майскага сельсавета. Пазіцыйныя баі тут доўжыліся з канца 1943-га да 23 лютага 1944-га года. Нашы войскі не раз выбівалі ворага з Майскага і навакольных вёсак, а потым былі вымушаны пакідаць іх. У тых баях прымалі ўдзел многія часці. У свой час аб некаторых з іх мы ўжо расказвалі. А сёння згадаем пра мужнаць байцоў 33-га асобнага франтавога штрафнога батальёна. Даведку аб гэтым яшчэ ў 1990-х гадах падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, былы партызан і франтавік, удзельнік Парада Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года, палкоўнік у адстаўцы Барыс Андрушкевіч. Гэты цікавы дакумент захоўваецца ў Майскай вясковай бібліятэцы.

Вось што піша аўтар (падаем са скарачэннямі): «На пярэднім краі насупраць батальёна вораг меў суцэльную траншэю, абсталяваную кулямётнымі пляцоўкамі, бліндажамі… Перад пярэднім краем знаходзілася дротавая загарода ў 2–3 рады… Пад прыкрыццём агня падраздзяленні батальёна скрытна для праціўніка падышлі ўшчыльную да яго пярэдняй траншэі… Першая рота, якой камандаваў В.І. Козыраў, смела і напорыста атакавала абараняўшыхся і імкліва ўварвалася ў траншэю, агнём і гранатамі пракладвала шлях наперад і штурмам авалодала вёскай Майскае… Камандзір батальёна маёр Мурза прыняў рашэннне: нязначнай колькасцю байцоў атакаваць праціўніка ў в. Малыя Казловічы ў «лоб»… і вызваліў яе. На ўсход ад в. Антонаўка батальён злучыўся з танкамі… разам захапілі гэты населены пункт… Ваенны савет Беларускага фронту (пазней – 1-ы Беларускі) адзначыў гераізм і мужнасць 33-га асобнага штрафнога батальёна… і зняў судзімасці з байцоў. Ім былі адноўлены воінскія званні, і яны былі размеркаваны па часцях, афіцэры – з назначэннем на камандныя пасады». 

Суцяшальныя словы салдата   

Амаль два з паловай гады чакалі вызвалення жыхары Майскага сельсавета. За гэты час ад рук ворага загінулі звыш 200 мірных жыхароў, у тым ліку 107 – у Чорнай Вірні, 70 – Цуперы, 67 – Лугавой Вірні, 62 – Дзяніскавічах, 35 – Малых Казловічах, 24 – Майскім. Былі спалены сотні хат.  Яшчэ ёсць  жывыя сведкі тых трагічных падзей. Сярод іх – ветэран працы, знатны жыватнавод, кавалер ордэна «Знака Пашаны», многіх медалёў Любоў Васільеўна Бяляснікава.

Мы сустрэліся з ёю і запісалі ўспаміны:

– Сам пачатак вайны я не памятаю, малая яшчэ была. А маці мая не любіла аб гэтым гаварыць, страшны быў час. А вось калі ў канцы 1943-га года да нашай мясцовасці наблізіўся фронт, дык я ўжо многае разумела. Тады ўсіх мясцовых жыхароў, у тым ліку і нашу сям’ю – маці, бацьку, які быў інвалідам Савецка-фінскай вайны, бабулю і дзядулю, маю старэйшую сястру Алену і мяне, немцы пагналі ў тыл – у Рагачоўскі раён. Нашай сям’і ў пэўнай ступені пашанцавала, бо мы трапілі ў вёску – Ліскі. А многія іншыя аказаліся ў лесе і балоце. Але і нам не было лёгка. Бацька   памёр, а маю сястру немцы пагналі ў рабства ў Германію. Памятаю, калі мы ўжо вярталіся дамоў, па дарозе я вельмі плакала, бо была ўпэўнена, што больш не пабачу сваю сястру. Насустрач нам ішла калона савецкіх салдат. Адзін з іх спыніўся і пачаў супакойваць мяне: «Не плач, дзяўчынка. Мы вас ужо вызвалілі. Самае страшнае ўжо ззаду. Усё будзе добра». Вярнуліся мы дамоў. А там – адны папялішчы. Праўда, у майго дзеда засталолся гумно. То было дзіва. І наогул дзіва было, што многія з нас тады засталіся жывымі. Больш таго, мая маці адразу пасля Перамогі дабілася ў райвыканкаме дазволу паехаць у Германію, каб адшукаць сваю дачку. І што вы думаеце, знайшла яе… У пасляваенныя гады вельмі цяжка было. Але паступова жыццё наладзілася. Сёння я жадаю ўсім самага галоўнага – міру».        

Микалай ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – ля брацкай магілы ў Майскім; унізе – ветэран працы Любоў Васільеўна Бяляснікава і яе ўзнагароды.

Фота аўтара.

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"   

Наш канал на YouTube