НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сёлета, 26 чэрвеня, будзе адзначацца 75-я гадавіна з дня вызвалення Жлобіншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першымі, у лістападзе 1943 года, сталі свабоднымі Ніжняя і Верхняя Алба, Новыя Маркавічы, Стрэшын, іншыя населеныя пункты. Але наперадзе заставалася яшчэ доўгіх сем месяцаў баёў, каб канчаткова прагнаць ворага з тэрыторыі нашага раёна. Аб гэтым і пойдзе размова ў рэдакцыйным праекце «Сведкі вызвалення: людзі, рэчы, дакументы», які мы пачалі ў канцы мінулага года. Якой цаной дасталася свабода вёсцы Мормаль – тэма гэтай публікацыі.

 

Баі зацягнуліся

У летапісе вызвалення Жлобіншчыны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў лёс вёскі Мормаль займае асобнае месца. У адрозненне ад іншых населеных пунктаў нашага раёна, гэты на доўгі час быў падзелены лініяй фронту. Прыкладна палову вёскі ўдалося вызваліць падчас першага наступу савецкіх войскаў – у канцы 1943 года, а поўнасцю Мормаль стаў свабодным бліжэй да лета 1944 года, калі разгарнулася новая наступальная аперацыя.

Устанавіць дакладныя даты пачатку і канчатковага вызвалення вёскі аказалася няпроста, таму што пакуль не выяўлены адпаведныя дакументы. Больш за ўсіх дасведчаны ў гэтым пытанні мясцовы краязнавец Аляксандр Іванькоў. Ён прааналізаваў успаміны многіх удзельнікаў баёў за Мормаль, супаставіў ускосныя факты і прыйшоў да высновы, што лінія фронту праз вёску праходзіла з 8 снежня 1943 года і як мінімум да мая 1944-га ўключна.

Так, ветэран 102-й Далёкаўсходняй стралковай дывізіі Юрый Аквіст у сваіх мемуарах «От Ельца до Кёнигсберга» сведчыць, што баі за Мормаль яшчэ вяліся ў маі 1944 года. А пабыўшы на брацкай магіле ўМормалі, дзе сёння пахаваны 478 савецкіх воінаў, можна даведацца, што многія з іх загінулі таксама ў маі 1944 года. Сярод іх радавы Іван Новікаў, старшы лейтэнант Абрам Штэльман, іншыя. У 2014 годзе аўтар гэтых радкоў сустрэўся ў Гомелі з ветэранам вайны, былым байцом 194-й стралковай дывізіі Дзмітрыем Зюзьковым. Ён таксама прымаў удзел у баях за вызваленне Мормаля. Дзмітрый Міхайлавіч успамінаў, што сапраўды баі ў самой вёсцы вяліся ўжо ў снежні 1943 года.

Тады нашы войскі замацаваліся ў ніжняй частцы населенага пункта, а немцы акапаліся вышэй, утрымліваючы стратэгічна важную чыгуначную станцыю. Лініяй падзелу паміж  акопамі савецкіх і варожых салдат стала мясцовая меліяратыўная канава. А яшчэ ветэран запомніў, што менавіта ў тыя дні, дакладней 23 лютага 1944 года, яго прынялі ў камсамол.

Назаўсёды ў памяці

Мормальцы свята захоўваюць памяць аб вайне. За брацкай магілай, якая знаходзіцца ў цэнтры вёскі, даглядаюць мясцовыя работнікі культуры. А вучні і настаўнікі школы сочаць за тым, каб заўсёды быў упарадкаваны помнік лейтэнанту Мікалаю Жуйкову і старшаму сяржанту Піліпу Мазіліну. Гэтыя воіны падчас бою за вёску 1 сакавіка 1944 года закрылі сваімі грудзьмі амбразуру варожага дзота.

У самой школе дзейнічае куток баявой славы, дзе сабраны шматлікія матэрыялы пра землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама – прадметы часоў вайны, знойдзеныя ў Мормалі і ваколіцах вёскі, – салдацкія каскі, прабітыя кулямі, часткі зброі, гільзы.

Вайна закранула кожную сям’ю ў Мормалі. Так, Пётр Бабкоў, чый бацька Мікалай Аляксандравіч Бабкоў ваяваў на фронце, а маці Зінаіда Назараўна Бабкова перажыла акупацыю, расказаў:

– Мая маці ўспамінала, што калі ў 1941 годзе ў Мормаль увайшлі немцы, дык яны занялі лепшыя хаты, а жыхароў павыганялі на вуліцу. Нагледзелі акупанты і нашу хату. Маці, якая вельмі любіла кветкі і разводзіла іх, у спешцы схапіла не адзежу ці чыгун з печы, а менавіта гаршчок з любімай кветкай. Гэта так уразіла немца, што ён нічога лепшага не прыдумаў, як накрычаць на маці, каб яна кінула кветкі і ўзяла з сабой што-небудзь іншае. Але маці ўпрасіла дазволіць ёй забраць менавіта гэтую рэч.

Пётр Бабкоў працягвае:

– Рэжым жыцця акупанты ўстанавілі ў Мормалі жорсткі, тым больш што побач праходзіла чыгунка. Ад рук немцаў і паліцаяў загінулі многія мае землякі. Акупанты і іх прыслужнікі лютавалі невыпадкова. Справа ў тым, што шмат хто з мормальцаў пайшоў у партызаны ці меў з імі сувязь. Як раз за сувязь з народнымі мсціўцамі ў 1942 годзе быў расстраляны жыхар Мормаля Дзмітрый Лазараў. А ў 1944 годзе ад рук акупантаў загінуў яшчэ адзін наш зямляк – Цімафей Парашчанка разам з жонкай і чатырма дзецьмі. І гэты трагічны спіс можна працягваць і працягваць. (Як сведчыць раённая кніга «Памяць», усяго мірных жыхароў у Мормалі падчас акупацыі загінула 78 – Рэд.). А вось хаты ў нашай вёсцы былі знішчаны ўсе. І не дзіва, таму што фронт праходзіў амаль пасярэдзіне Мормаля.

Гэта трэба моладзі

Усяго ў Мормалі перад вайной пражывала 900 чалавек. Па падліках згаданага вышэй краязнаўца Аляксандра Іванькова, 86 з іх не вярнуліся дамоў з франтоў. Гэта – Бабковы, Гараўцоў, Гузаў, Пякурын, Чумакоў, іншыя. Сярод загінуўшых на фронце мормальцаў быў і бацька вядомага гісторыка беларускай літаратуры Уладзіміра Содаля (1937–2015) – Ілля Паўлавіч Содаль.

Такім чынам, Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у памяці мормальцаў. І вельмі важна, што тыя ўжо далёкія гістарычныя падзеі сёння ведае мясцовая моладзь.

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – муж і жонка Пётр і Любоў Бабковы трымаюць у руках партрэт і дакументы свайго бацькі і свёкра, франтавіка Мікалая Бабкова (яму пашчасціла вярнуцца дамоў); унізе – удзельнік баёў за Мормаль Дзмітрый Зюзькоў.

Фота аўтара.

Материал опубликован в газете "Новы дзень" №3 от 15.11.2019

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter"  

Наш канал на YouTube