НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Стрэшына ад нямецкафашысцкіх захопнікаў мы пабывалі ў гарадскім пасёлку, каб сустрэцца з мясцовымі старажыламі – сведкамі тых далёкіх падзей – і запісаць іх успаміны.

 

Перш за ўсё завіталі ў госці да Мікалая Іванавіча Ражкова, які не па чутках ведае, што такое вайна. Калі ў жніўні 1941 года Стрэшын заняў вораг, яму было няпоўных 13 гадоў. Ветэран працы ўспамінае:

– Новы нямецкі парадак , устаноўлены ў нашым пасёлку, быў жорсткім. Акупанты стварылі тут сваю адміністрацыю, прызначылі бургамістра, пачалі вербаваць у паліцыю мясцовых жыхароў. На жаль, здраднікі знайшліся. Але больш было патрыётаў, якія мужна змагаліся з ворагам у радах падпольшчыкаў і партызанаў. Таму ў Стрэшыне, нягледзячы на тое, што фронт доўгі час быў далёка, дзейнічаў каменданцкі час. У 1943 годзе партызаны актывізаваліся. І я памятаю, як тады ў пасёлак з навакольных вёсак сталі прыбываць паліцаі, якія ў райцэнтры адчувалі сябе ў большай бяспецы. Перад самым вызваленнем іх тут назбіралася каля 200 чалавек. Жыць ім было дзе, таму што да гэтага часу са Стрэшына былі вывезены і расстраляны мясцовыя яўрэі. Іх дамы пуставалі.

А вось што адбывалася ў тыя дні, калі да Стрэшына наблізіўся фронт. Мікалай Іванавіч працягвае:

– Ратуючыся ад бамбёжак, многія стрэшынцы паўцякалі ў лес. А калі нейкую вёску вызвалялі, ішлі туды. Вось і наша сям’я спачатку апынулася ў Новых Маркавічах. Ежы ў нас не было. Але мірных жыхароў кармілі нашы салдаты з палявой кухні. Толькі не дарма. Ноччу, каб не трапіць пад абстрэл немцаў, мы капалі акопы. А ўдзень, лежачы на зямлі, я прыслухоўваўся да гукаў пралятаючых у паветры снарадаў – перадавая была зусім побач.

Потым мы сустрэліся з жыхаркай Стрэшына, кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга Марыяй Іванаўнай Кавалёвай. Яна ўспамінае:

– Калі вяліся баі за Стрэшын, наша сям’я знаходзілася пад Гомелем. Але як толькі фронт падышоў бліжэй да Жлобіна, мы вярнуліся дамоў – у вёску Каменка, што ў трох кіламетрах ад Стрэшына. Хата наша была разбіта снарадам, таму давялося жыць у зямлянцы. Мне тады было ўжо 9 гадоў, і я памятаю, як праз нашу вёску ішлі часці Чырвонай Арміі. Аднойчы прайшла вялікая калона, назад вярнуліся некалькі чалавек. Астатнія засталіся ляжаць на перадавой, настолькі кровапралітнымі былі баі. Мой бацька, Іван Васільевіч Маркаўцоў, у тыя дні таксама знаходзіўся на фронце, праўда, далёка ад нас. Але яму пашчасціла вярнуцца дамоў. І ў пасляваенныя гады ў нашай сям’і нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Усіх жа нас, сясцёр і братоў, было дзевяць. Такім чынам, нашу сям’ю можна лічыць шчаслівай у параўнанні з тымі, у якіх бацькі не вярнуліся з вайны.

 

 

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: ветэраны працы: злева – М.І. Ражкоў; справа – М.І. Кавалёва.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

#ЖлобинщинаПомнит

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter

Наш канал на YouTube