Новы дзень

Мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны» ў Чырвоным Беразе

75 гадоў аддзяляе нас ад слаўнай і гераічнай даты – Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У сусветнай гісторыі па сваіх маштабах, разбурэннях, чалавечых ахвярах і наступствах яна не мела сабе роўных. З кожным годам падзеі тых дзён аддаляюцца ў часе і ўсё менш застаецца тых, каму наканавана было сутыкнуцца з ворагам. Таму памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, трагічных фактах, мужнасці і гераізме людзей, якія адстаялі свабоду і забяспечылі мір на зямлі, святая. Яе трэба берагчы і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Прыклад іх адвагі і стойкасці духу не можа быць забыты. Менавіта таму ў розных кутках Беларусі, якая страціла ў 1941–1945 гадах кожнага трэцяга жыхара, створаны сімвалічныя мемарыяльныя комплексы, усталяваны манументы, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны.

У Жлобінскім, а таксама ў суседніх раёнах іх вялікае мноства, але некаторыя заслугоўваюць асобнай увагі. Гэта мемарыяльныя комплексы: «Дзецям – ахвярам вайны» ў Чырвоным Беразе, «Аперацыя «Баграціён», што знаходзіцца ля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна, і «Ала», нядаўна ўзведзены ў Чыркавіцкім сельсавеце на Светлагоршчыне. Менавіта тры гэтыя комплексы ўвайшлі ў ваенна-патрыятычны экскурсійны маршрут «Вечнай памяццю жывыя…», які распрацавала ўпраўленне спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама. Запрашаем вас, паважаныя чытачы, завочна прайсціся па гэтым маршруце…

Тут маўчыць школьны званок…

Калі знаходзішся на мемарыяльным комплексе ў Чырвоным Беразе, першае, что бачыш, – скульптуру дзяўчынкі-падлетка з узнятымі над галавой тонкімі рукамі, якая як быццам абараняецца ад жахаў вайны. На яе твары – боль, безабароннасць і бездапаможнасць. За спіной дзяўчынкі – пусты навучальны клас з роўнымі шарэнгамі белых парт і чорнай школьнай дошкай, дзе выбіты словы з ліста вязніцы дзіцячага канцлагера Каці Сусанінай свайму бацьку. За класам знаходзіцца плошча Сонца, цэнтральным вобразам якой з’яўляецца белы караблік з імёнамі дзяцей. Паруснік – у асяроддзі малюнкаў, выкананых у выглядзе вітражоў у белых рамах. У іх размешчаны таксама павялічаныя фігуркі, вылепленыя дзецьмі з пластыліну. Мемарыял падзелены промняміалеямі, выкладзенымі рознакаляровымі пліткамі. Кожная дэталь комплексу алегарычная і сімвалічная. Ён размешчаны сярод яблыневага саду. Дарэчы, я шмат разоў была тут і проста з экскурсіямі, і на святах, прысвечаных Дню абароны дзяцей, і здаецца, павінна была прывыкнуць да гэтага месца. Але кожны раз адчуваю боль, якім яно пранізана…

Сем метраў вайсковай славы

«Аперацыя «Баграціён» ля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна

Манумент «Аперацыя «Баграціён» адкрыты ў чэрвені 2014 года. Усталяваны каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна. Менавіта адсюль савецкія войскі пачалі маштабнае вызваленне Беларусі. «Баграціён» увайшоў у падручнікі як самая паспяховая наступальная аперацыя XX стагоддзя. Сем метраў вайсковай славы – такая вышыня пераможнага барэльефа. У 1944-м тут былі балоты. Праз іх вырашыў нанесці свой знішчальны ўдар па ворагу маршал Канстанцін Ракасоўскі. Яго вобраз, а таксама вобразы палкаводцаў Георгія Жукава, Паўла Батава і Міхаіла Панова адлюстраваны ў цэнтры манумента. Справа і злева – наступаючыя савецкія салдаты, маракі і партызаны. Фонам сталі стрэлы, якія сімвалізуюць два галоўныя ўдары Чырвонай Арміі. У чэрвені 1944-га савецкія войскі, выкарыстоўваючы макраступы, валакушы, плыты і гаці, нечакана для немцаў прайшлі праз непраходныя балоты і засталі гітлераўцаў знянацку, двума галоўнымі ўдарамі ўзяўшы ў ціскі нямецкія арміі групы «Цэнтр». У выніку наступлення была не толькі вызвалена тэрыторыя Беларусі, але і ўтварыўся 900-кіламетровы пралом паміж групамі нямецкіх армій «Поўдзень» і «Поўнач». Мемарыял, дарэчы, уключае ў сябе і іншыя экспазіцыі – танк ІС-3, усталяваны на бярвеністым насціле, імітацыю гаці і каманднага пункта генерала Батава, а таксама капліцу. Прызнацца, я ніколі не была на гэтым комплексе, але мяне зацікавіла гісторыя яго ўзнікнення, таму абавязкова наведаю яго ў бліжэйшы час.

На месцы спаленай вёскі

«Ала» ў Чыркавіцкім сельсавеце на Светлагоршчыне

Пра Алу не пісалі ў падручніках і не здымалі фільмы, відавочцаў той трагедыі ўжо няма ў жывых. А разам з тым у невялікай палескай вёсцы фашысты знішчылі ў 12 разоў больш людзей, чым ва ўсім вядомай Хатыні. На досвітку 14 студзеня 1944 года ў Але былі забітыя 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей. Ініцыятарам узвядзення на месцы спаленай вёскі мемарыяла некалькі гадоў таму выступіў пісьменнік і ганаровы грамадзянін Светлагорска Ізяслаў Катляроў. Помнік уяўляе сабой пешаходны маршрут (былая вуліца знішчанай вёскі), уздоўж якога ўстаноўлены брамкі і парталы — сімвалы спаленых дамоў. Цэнтрам комплексу стала званіца з набатным званом. Адкрыты мемарыял зусім нядаўна, але тут паспелі пабываць сотні беларусаў, у ліку якіх і я. Цішыня, якая дрыжыць у паветры «Алы», напружвае і палохае, асабліва калі спрабуеш уяўвіць студзень 1944-га.

Спадзяюся, паважаныя чытачы, што і вы знойдзеце час, каб пабываць у гэтых мясцінах, пакажаце іх сваім бацькам і дзецям, успомніце тых, хто падараваў нам 75 мірных гадоў.

Дарэчы, відэаматэрыялы па маршруту знаходзяцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце

 

 

У Жлобінскім раёне налічваецца 75 воінскіх захаванняў і 35 помнікаў воінскай славы.

Таццяна СКОБЕЛЕВА.

Фота з адкрытых крыніц

Матэрыял размешчаны ў газеце «Новы дзень» ад 16.10.2020.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: «ВКонтакте» , «Одноклассники», «Фейсбук», instagramtwitterTelegram