НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

73 гады быў невядомы лёс малодшага сяржанта 220-га стралковага палка 4-й стралковай дывізіі, ураджэнца в. Верхняя Алба Жлобінскага раёна Васіля МЯДЗВЕДЗЕВА. І толькі сёння стала вядома, што ён паў смерцю адважных на полі бою, не дажыўшы да Перамогі ўсяго два месяцы. Месца і абставіны яго гібелі высветліла міжнародная група пашукавікоў.

У пачатку кастрычніка бягучага года на тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германіі праводзілася чарговая пошукавая экспедыцыя, арганізаваная нямецкай грамадскай арганізацыяй (кіраўнік – Альбрэхт Лаўе) з удзелам мясцовых пашукавікоў, а таксама неабыякавых да гістарычнай памяці маладых людзей з Расіі, Украіны, Галандыі і Швейцарыі. Месцам пошукавых і эксгумацыйных работ былі наваколлі населенага пункта Клесін (зямля Брандэнбург).

Тут, на Зеелаўскіх вышынях, у апошнія месяцы Вялікай Айчыннай вайны ішлі жорсткія баі. А так званы «панскі двор Клесін» з’яўляўся самым высокім пунктам абароны фашыстаў. На подступах да яго склалі галовы тысячы байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі. І да гэтага часу многія з іх не адданы зямлі.

За тыдзень пошукаў экспедыцыяй былі паднятыя астанкі 12 савецкіх салдат і афіцэраў. Таксама быў знойдзены назіральны пункт 1-й роты 220-га стралковага палка 4-й стралковай дывізіі. А ў ім – астанкі траіх загінулых. Як аказалася, гэтыя астанкі належалі старэйшаму лейтэнанту Мікалаю Ульянавічу Аўчарову, 1923 г. н., малодшаму сяржанту Васілю Дзмітрыевічу Мядзведзеву, 1926 г. н., і радавому Сяргею Сцяпанавічу Гузаву, 1925 г. н. Устанавіць гэта ўдалося дзякуючы знойдзеным тут жа ўзнагародам. Сярод іх – ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За адвагу», якімі быў узнагароджаны наш зямляк – малодшы сяржант Васіль Мядзведзеў. А яшчэ было вядома, што гэтыя воіны прапалі без вестак якраз у дадзеным раёне 13 сакавіка 1945 года (пра гэта ёсць інфармацыя ў Аб’яднаным банку дадзеных «Мемарыял», а таксама коратка паведамляецца ў гісторыкадакументальнай хроніцы Жлобіна і Жлобінскага раёна «Памяць» (Мінск, 2000 г., с. 484).

Зараз знойдзеныя дакументы і ўзнагароды перададзены на экспертызу. Так сама расіянамі накіраваны адпаведны запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. А тым часам пашукавікам удалося адшукаць сваякоў Васіля Мядзведзева. Гэта – яго родная сястра, цяперашняя жыхарка Гомеля Ганна Дзмітрыеўна Шашкова, яе дочкі – Таццяна Давыдзенка і Алена Грышачкіна. З адной з іх, Таццянай Іванаўнай, якая пражывае ў Мінску, аўтар пагаварыў па тэлефоне. Вось што яна распавяла:

– У маёй мамы былі яшчэ дзве сястры і чатыры браты. Трое братоў, Сямён, Уладзіслаў і Васіль, ваявалі. І ўсе яны прапалі без вестак. Пра лёс аднаго з іх – дзядзькі Сямёна, мне ўдалося даведацца ўжо пасля распаду Савецкага Саюза, калі сталі даступныя архівы ў Германіі. Але яшчэ раней, па ўспамінах маёй мамы, я ведала, што ён апынуўся на фронце ў першыя дні вайны, бо ў гэты час служыў у арміі. Тадыж з ім сувязь і перапынілася. І толькі ў 2009 годзе з нямецкіх архіваў стала вядома, што дзядзька Сямён у 1941 годзе трапіў у палон. А ў 1942 годзе памёр у нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Пахаваны ён на нямецкай зямлі. Дзядзька ж Уладзіслаў быў прызваны ў дзеючую армію Стрэшынскім райваенкаматам (да 1956 года Стрэшын з’яўляўся райцэнтрам – Рэд.).  Пра яго пакуль нічога не вядома. Што тычыцца дзядзькі Васіля, то ў 1941 годзе яму было толькі 15 гадоў. І прызыву ў войска ён не падлягаў, таму застаўся на акупаванай тэрыторыі. А калі ягохацеліпрымусіць уступіць у паліцыю, ён пайшоў у лес да партызанаў. У канцы 1943 года Стрэшынскі раён быў вызвалены, апартызанскі атрад, у якім ваяваў дзядзька Васіль, злучыўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. І як цяпер вядома, дзядзька з баямі дайшоў амаль да самага Берліна. Уся наша радня хоча, каб яго астанкі былі супакоены ў вёсцы Верхняя Алба, дзе нарадзіўся і вырас дзядзька Васіль.

Рэдакцыя нашай газеты спадзяецца, што жаданне родных загінуўшага салдата будзе выканана. А пакуль аўтар публікацыі выказвае падзяку актывістам пошукавага атрада з Масквы Антону Таргашову і Паліне Казловай, а таксама – пашукавікузМінскаАляксандру Снітко за прадстаўленую інфармацыю.  

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: уверсе – пошукавая экспедыцыя працуе на Зеелаўскіх вышынях у Германіі; унізе – малодшы сяржант Васіль Мядзведзеў.

Фота з сямейнага архіва Ганны Шашковай і рэдакцыі часопіса «Военная Археология» (Масква).

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, з Цэнтральнага архіва Мінабароны РФ прыйшло пацверджанне на ўзнагароды малодшага сяржанта В. Мядзведзева. Паведамляецца, што ордэн Чырвонай Зоркі за № 1111231 яму быў уручаны незадоўга да гібелі – 4 сакавіка 1945 г., а медаль «За адвагу» за № 1887890 – 10 лютага 1945 г. Да гэтых узнагарод наш зямляк быў прадстаўлены яшчэ ў ліпені 1944 г.

 

Чтобы быть в курсе событий, регистрируйтесь в наших группах: 

Наша группа в социальной сети "ВКонтакте" - "С новым днём, Жлобин!

Наша группа в социальной сети "Одноклассники" - "С новым днём, Жлобин!" 

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке"

Читайте ndsmi.by в "twitter

Наш канал на YouTube