Новы дзень

У дзень нараджэння вядомага земляка – пісьменніка і патрыёта са Старой Рудні – успамінаем пра яго з удзячнасцю

Сёння, 12 лютага, – дзень памяці нашага слыннага земляка, ганаровага грамадзяніна Жлобіна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага пісьменніка Аляксандра Капусціна (1924–1996). Спаўняецца 101-я гадавіна з дня яго нараджэння. Малой радзімай Аляксандра Пятровіча з’яўляецца вёска Старая Рудня. Тут ён нарадзіўся і вырас. А калі прыйшоў вораг, юнак уключыўся ў падпольную барацьбу. Адсюль ён пайшоў у партызаны, а потым – на фронт. Пасля вайны пісьменнік жыў у Гомелі, пазней – у Мінску, але часта наведваўся ў родныя мясціны, каб наталіць сэрца размовамі з землякамі, многія з якіх сталі героямі яго твораў. Наогул Жлобіншчына, як сцвярджаў сам Аляксандр Капусцін, была месцам яго сілы.

У першыя дні вайны

Сталенне Аляксандра Капусціна паскорыла вайна. Барацьбу з фашыстамі ён пачаў з першых дзён акупацыі родных мясцін, а ў чэрвені 1942-га арганізаваў у сваёй вёсцы маладзёжную падпольную групу. Дарэчы, пра першыя дні вайны ён распавёў у апавяданні «Бомба». Сумнявацца ў дакументальнасці твора не даводзіцца.

Падзеі ў апавяданні адбываюцца ліпеньскім ранкам 1941 года, калі нечакана з’явіліся ў небе фашысцкія самалёты, якія «неспадзявана… развярнуліся над вёскай, узялі кірунак на чыгунку, па якой у бок Жлобіна ішоў цягнік. Выстраіліся ланцугом, і з іх пасыпаліся бомбы». Далей герой твора (лічы Аляксандр Капусцін) засведчыў: «Ніколі ў жыцці не даводзілася мне адчуваць такога жаху, як тады: падалося, што бомбы ляцяць якраз на нашу хату. Гэта ж сыплецца мая смерць!..»

Сіла малой радзімы дапамагла будучаму пісьменніку выжыць і стаць у рады змагароў за свабоду роднай зямлі, а потым напісаць кнігі, у якіх ён праславіў подзвігі сваіх землякоў.

Славіў землякоў

Маё знаёмства з Аляксандрам Капусціным адбылося ў 1966 годзе. У той час ён працаваў загадчыкам аддзела абласной газеты «Гомельская праўда». А я быў студэнтам філалагічнага факультэта Гомельскага педінстытута імя В. П. Чкалава. Больш цесныя сувязі ўсталяваліся ў Жлобіне, калі я працаваў намеснікам, а потым рэдактарам раённай газеты. За гэты час мне не раз давялося пераканацца ў тым, як моцна ён любіў Жлобіншчыну, чэрпаў у ёй жыццёвыя і творчыя сілы.

Кожны раз, калі пісьменнік прыязджаў на радзіму (у Жлобіне ў той час жылі яго сёстры Вера і Любоў, пляменніца Зоя Бібікава), ён заходзіў у рэдакцыю нашай газеты. І не з пустымі рукамі: то прапануе надрукаваць новае апавяданне, то падорыць сваю кнігу, то проста падзеліцца творчымі задумамі. Так я пачаў рэдагаваць яго творы, якія потым выдаваліся ў мясцовай друкарні.

Першай ластаўкай стаў гісторыка-краязнаўчы нарыс у навэлах, аб’яднаных агульнай назвай «Старая Рудня». У ім аўтар расказаў пра гісторыю і сучаснасць роднай вёскі, пра землякоў. За гэту кнігу тагачасны старшыня праўлення мясцовага калгаса імя Кірава, Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Герасімавіч Маршын ад імя аднавяскоўцаў выказаў пісьменніку падзяку.

У 1984 годзе спачатку ў Казані на рускай мове, а ў 1988-м – у Мінску ўжо на беларускай мове ўбачыла свет кніга Аляксандра Капусціна «Салёная раса» – пра подзвіг Героя Савецкага Саюза, камандзіра батальёна аднаго з палкоў 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала Леаніда Пятроўскага.

Воіны гэтага вайсковага злучэння ў ліпені 1941 года вызвалілі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў Жлобін. Потым былі яшчэ кнігі пра вайну, у якіх аўтар апісаў подзвігі сваіх землякоў у барацьбе з фашыстамі: «Хлопчык з Дняпроўскіх берагоў» – аповесць пра юнага герояантыфашыста Антона Губарава, «Цвіў бэз, іграла скрыпка» – пра падполле ў Старой Рудні. Першая з іх таксама ўбачыла свет у Жлобіне, другая – у Мінску.

Вялікую цікавасць у чытачоў выклікаў яго зборнік нарысаў «Добрым сэрцам чалавечым». У ім Аляксандр Капусцін даследуе характары знакамітых людзей, ураджэнцаў Жлобіншчыны, ці тых, чые карані былі з нашых мясцін: Герояў Сацыялістычнай Працы рэктара БДУ Антона Сеўчанкі і старшыні калгаса імя Варашылава (цэнтр – сучасны аграгарадок Шчадрын) Аляксандра Петухова, мастака Міхаіла Башылава, першага ілюстратара твораў рускіх класікаў Міхаіла Салтыкова-Шчадрына, Льва Талстога, беларускага пісьменніка Міколы Лупсякова, іншых.

Аўтар заўзёды прыдзірліва ставіўся да кожнага слова, якое выходзіла з-пад яго пяра, па некалькі разоў правіў свае рукапісы.

«Старонкі памяці»

Удзячнасцю Аляксандру Капусціну за яго істотны ўклад у беларускую літаратуру, гісторыю роднай Жлобіншчыны стала кніга «Старонкі памяці», выдадзеная ў 1999 годзе ў Жлобіне. З вялікай цікавасцю чытаюцца ўспаміны пра сустрэчы з Аляксандрам Пятровічам тагачаснага старшыні Жлобінскага гарвыканкама Уладзіміра Ерафеева, пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Алеся Карлюкевіча (сёння – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі), былога дырэктара Жлобінскага гісторыкакраязнаўчага музея Яўгена Карцава і іншых.

Аляксандр Капусцін і сёння паўстае перад намі чалавекам са сваёй літаратурнай і прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй.

Пётр ШУТАЎ.

Фота з архіва «Новага дня».

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube