Новы дзень

Вядомы архіпастыр Рускай праваслаўнай царквы адзначае сваё 60-годдзе

Уладыка Георгій падчас інспекціравання будаўніцтва ў Жлобіне храма прападобнага Серафіма Сароўскага

Аднаму з самых аўтарытэтных архіпастыраў Рускай праваслаўнай царквы мітрапаліту Ніжагародскаму і Арзамаскаму Георгію (у свеце – Васіль ДАНІЛАЎ) 14 жніўня спаўняецца 60 гадоў. Ён – ураджэнец Жлобіна, які актыўна падтрымлівае сувязь з малой радзімай. Пра яго мы раскажам у нашым рэдакцыйным праекце «Родам са Жлобінскага», прысвечаным 100-годдзю стварэння Жлобінскага раёна. Артыкул напісаны на падставе асабістых сустрэч аўтара з уладыкам Георгіем і публікацый у праваслаўным друку.

Бацькоўскае выхаванне

Васіль Данілаў нарадзіўся і вырас на Рабочым пасёлку, які знаходзіцца ў межах Жлобіна, у шчыра веруючай сям’і. Яго бацька Цімафей Мікалаевіч прайшоў усю вайну, а маці Таццяна Іванаўна заўсёды лічыла за шчасце мець шмат дзяцей, і Бог ёй даў іх аж шасцёра. Васіль быў самым малодшым у сям’і, таму яго ўсе песцілі, але рабілі гэта ў меру, выхоўвалі словам і асабістым прыкладам. Уладыка ўспамінае:

– Мы заўсёды працавалі. Была вучоба ў школе… Праца на падвор’і. Трэба было ў хату прынесці вады з калодзежа, дроў, запаліць печ, рыхтавацца да пасяўной. Па ранняй вясне, акрамя ўсяго, я нарыхтоўваў па 200 літраў бярозавага соку. Летам – сенакос. Раз у месяц (па чарзе з суседзямі) мне трэба было пасвіць кароў. А калі я атрымаў атэстат аб заканчэнні школы, бацька сказаў мне: «Сын, вось табе тры дні, каб ты ўладкаваўся на працу». Я ж меркаваў, што пасля школы месяцы паўтара адпачну. Але пачуў ад бацькі цвёрдае «не». Хаця мне яшчэ і 17 гадоў не было. Сёння я ўдзячны яму за прынцыповасць.

Дзякуючы бацькоўскаму выхаванню ўладыка Георгій і сёння, будучы ўжо вядомым ва ўсім праваслаўным свеце чалавекам, не цураецца простых людзей і сваёй малой радзімы. Ён кажа:

– Калі становішся дарослым, пачынаеш глыбей бачыць свае карані. Ты разумееш, што галоўнае ў тваім жыцці табе перадана ад бацькоў, ад усіх людзей, з якімі ты меў зносіны ў дзяцінстве, малалецтве і юнацтве, ад зямлі, на якой вырас.

Сапраўдны манах

Па прыбыцці ўладыкі Георгія ў Ніжні Ноўгарад мясцовыя семінарысты заўважылі, што новаспечаны глава тады яшчэ епархіі, акрамя ўсякага «падарункавага барахла», прывёз з сабой з лаўры, дзе ён да гэтага нёс паслушанне, свой асабісты ложак. Тут, як той казаў, уся псіхалогія ў наяўнасці.

– Манах – гэта воін Хрыстовы, – разважае мітрапаліт Георгій. – І раз ужо ты ідзеш у бой, то не павінен спыняцца і азірацца назад. Свайму пакліканню мы павінны аддаваць сябе без астатку. Нічога асабістага, нічога, акрамя служэння Богу, Царкве і ўласнага духоўнага ўзрастання, не павінна займаць розум і душу манаха. Усё знешняе толькі перашкаджае нам. Сваякі, сябры, нейкія іншыя захапленні часцяком толькі расхалоджваюць.

Падтрымка – пастаянная

Асвячэнне новага храма на Рабочым пасёлку ў Жлобіне ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага адбылося з удзелам мітрапаліта Георгія 15 верасня 2012 года. Само будаўніцтва заняло рэкордны тэрмін – меней года.

Настаяцель прыхода храма Святога прападобнага Серафіма Сароўскага протаіерэй Леанід Міхайлоўскі адзначае:

– Увесь час прыхаджане, ды і наогул жлабінчане адчуваюць пастаянную духоўную і матэрыяльную падтрымку з боку Ніжагародскай мітраполіі і асабіста мітрапаліта Георгія. Так, уладыка перадаў у дар нашаму храму ўнікальныя плашчаніцы ручной працы, якія вырабілі ніжагародскія залаташвачкі. Дзякуючы намаганням уладыкі наша царкоўная бібліятэка папаўняецца новымі праваслаўнымі кнігамі і часопісамі. Так, у 2015 годзе нам было дастаўлена адразу 700 тамоў літаратуры на агульную суму 111,5 тысячы расійскіх рублёў.

Рэгулярна папаўняюцца духоўнай літаратурай і іншыя бібліятэкі Жлобіна: цэнтральная раённая – імя Н. К. Крупскай, гімназіі № 8 імя В. І. Казлова, тэхналагічнага каледжа. Акрамя ўсяго, дзякуючы ўладыку ў Жлобінскім Свята-Троіцкім саборы і храме прападобнага Серафіма Сароўскага жлабінчане і госці нашага горада могуць памаліцца перад абразамі згаданага святога, у якіх знаходзяцца часцінкі мошчаў гэтага Божага ўгодніка.

Мікалай ШУКАНАЎ.

Фота з архіва аўтара.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube