НД
Новы
дзень
Жлобинская
районная газета
rubeen

Сёння прафесійнае свята адзначаюць захопленыя і творчыя майстры друкаванага слова. Іх справа заўжды запатрабаваная: ім давяраюць, да іх прыслухоўваюцца, ад іх чакаюць аператыўнай і поўнай інфармацыі. Прыемна, што такія прафесіяналы працуюць і ў рэдакцыі нашай раёнкі. Аднаму з іх – аўтару шматлікіх артыкулаў і кніг, краязнаўцу Мікалаю Шуканаву – прысвечаны гэты аповед.

Нарадзіўся наш герой у 1962 годзе ў Лельчыцах – прыгожым палескім краі – у простай працавітай сям’і, дзе шанаваліся сціпласць, сумленнасць, добразычлівасць і шчырасць. Менавіта гэтыя якасці прывівалі дзецям Валянціна Мікалаеўна і Васіль Паўлавіч Шуканавы, якія былі глыбока перакананы ў тым, што галоўнае ў выхаванні – гэта прыклад бацькоў. І сыны цягнуліся за імі, з прагнасцю пераймалі сапраўдную навуку жыцця. У далёкім 1988 годзе Валянціна Мікалаеўна падзялілася з карэспандэнтам лельчыцкай газеты «Светлае жыццё»:

– Я за сваіх сыноў ручаюся, яны мяне ніколі на падводзілі. <…> Сыны – Мікалай і Павел – раслі працавітымі. <…> Старэйшы, Мікалай, захапляўся з дзяцінства гісторыяй. Ён гадзінамі праседжваў над падручнікамі, быў актыўным членам краязнаўчага гуртка…

На ўсё жыццё засталіся ў памяці Мікалая Шуканава ўспаміны, звязаныя з бабуляй Агатай Лаўрэнцьеўнай, яе дабрынёй, мудрасцю і першымі ўрокамі духоўнасці. Па словах субяседніка, менавіта яна пасеяла ў яго сэрцы зерне веры, хоць гэта было вельмі няпроста зрабіць у савецкі час.

– Памятаю, аднойчы раніцай я пачаставаў бабулю яблыкам. Але яна не адразу пачала его есці, усміхнуўшыся, сказала, што яшчэ не малілася. Гэты выпадак запомніўся мне як прыклад хрысціянскай пакоры. Бабуля навучыла мяне жыць у згодзе з сабой, людзьмі і Богам, – узгадвае наш герой.

З ранняга дзяцінства Мікалай Шуканаў пазнаў чароўны свет літаратуры: разам з героямі твораў ён трапляў у розныя падарожжы, здзяйсняў рамантычныя вандроўкі, радаваўся, сумаваў і нават прыдумваў працяг кожнай гісторыі. А яшчэ вельмі любіў слухаць радыё, дзе кожны дзень на матчынай мове гучалі самабытныя песні, казкі, аўтарскія вершы і апавяданні… Гэта і абудзіла ў яго душы вялікае жаданне звязаць сваю прафесійную дзейнасць з філалогіяй.

Пасля заканчэння лельчыцкай сярэдняй школы № 1 і службы ў Савецкай Арміі Мікалай Шуканаў стаў студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская і руская мова і літаратура». З гэтым часам супадае і першы літаратурны вопыт героя, які быў надрукаваны ў газеце «Гомельскі ўніверсітэт». У сваёй публікацыі «Роздум. Хлеб» малады аўтар засяродзіў увагу чытачоў на стаўленні старых людзей да хлеба і зрабіў гэта пераканана – праз глыбокія разважанні пра ўзрост: «Мой погляд затрымаўся на жанчыне гадоў каля сямідзесяці. Яна сядзела ў самым далёкім кутку сталовай. Перад ёй на стале стаяла адна няпоўная міска супу. Відаць, узрост рабіў свае абмежаванні. Яна дастала хлеб і дрыжачай рукой адрэзала даволі ладны кавалак. Я чамусьці адразу стаў упэўнены, што гэты хлеб будзе з’едзены ўвесь, не застанецца і маленькага кавалачка.

Мне ўспомнілася мая бабуля, якая ніколі не пакідала пасля сябе нічога недаедзенага. Вось яшчэ адно, здавалася б, непрыкметнае адрозненне старэйшага і майго пакаленняў…»

Радкі і далей спраўна клаліся на паперу і ператвараліся ў творы адмысловага гучання. Гэта і падштурхнула студэнта Шуканава да ўдзелу ў семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах (тут знаходзіўся Дом творчасці Саюза пісьменнікаў БССР).

Яшчэ студэнтам пачынаючы філолаг уладкаваўся на працу настаўнікам рускай і беларускай мовы і літаратуры ў Мормальскую школу (1988), але талент аўтара-краязнаўцы ўзяў верх над педагагічным прызначэннем. І ў 1990 годзе наш субяседнік пачаў свой шлях журналіста ў рэдакцыі жлобінскай газеты «Камуніст» (з 1991 года – «Новы дзень») і вось ужо амаль 35 гадоў самааддана працуе на творчай ніве.

– Жлобіншчына не толькі стала маёй малой радзімай. Яна сапраўдная крыніца майго натхнення з невычэрпным багаццем актуальных тэм і ідэй, – прызнаецца Мікалай Шуканаў.

За гэты час яму сталі знаёмымі амаль кожны куток, кожная сцежка гэтага прыдняпроўскага краю. З радасцю і цеплынёй карэспандэнта раёнкі сустракаюць і звычайныя працаўнікі, і людзі навукі, і тыя, хто нясе святло духоўных каштоўнасцяў, і зацікаўленыя гісторыяй малой радзімы вучні. Дарэчы, жыццёваму і творчаму шляху Мікалая Шуканава прысвечана не адна навукова-даследчая праца навучэнцаў.

Сваім абавязкам наш герой лічыць захаванне гістарычнай памяці: шмат матэрыялаў ён прысвяціў абароне праўды пра вайну, палітыку генацыду ў дачыненні да беларускага і яўрэйскага насельніцтва. Мікалай Васільевіч – суаўтар кнігі «Памяць. Жлобін. Жлобінскі раён» (2000) і іншых краязнаўчых выданняў.

Чалавек вялікай душы, выхаваны на лепшых хрысціянскіх традыцыях, ён займаецца вывучэннем і пашырэннем у нашым грамадстве праваслаўнай культуры. У 2007 годзе за ўдзел у конкурсе публікацый праваслаўнай тэматыкі, які праводзілі Беларуская праваслаўная царква і Міністэрства інфармацыі Беларусі, Мікалай Шуканаў быў узнагароджаны граматай мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі. Сярод каштоўных для майстра ўзнагарод – і медаль Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы ў гонар святога праведнага Іаана Кармянскага. А яшчэ наш калега – лаўрэат рэгіянальнай краязнаўчай прэміі імя рагачоўскіх мецэнатаў мяжы XIX– XX стагоддзяў Ёлшыных і абласной літаратурнай прэміі імя Аляксандра Капусціна.

– Толькі спасцігнуўшы ўласныя карані, мы здольныя знайсці сваё месца ў жыцці, ісці па ім годна і паважна, атрымліваючы неверагоднае задавальненне ад справы, якой займаемся, – упэўнены наш субяседнік.

Таццяна КОТАВА.

Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Читайте ndsmi.by в социальных сетях: "ВКонтакте" , "Одноклассники""Фейсбук"instagramtwitterTelegramYouTube