Сегодня: вторник, 19 июня 2018г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 2.0102, EUR 2.3287

Курсы валют

2.0102
2.3287
3.17
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

Культура1

За званне «Яўдохі» пазмагаліся трохі

01.09.2016
831
Цікавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года культуры, упэўненымі крокамі ідуць па Жлобіншчыне. І вось у творчую скарбонку да незабыўных «Майскіх зор», непаўторных «Пірэвіцкіх званоў» і прыгожага «Малевіцкага серпантыну» далучылася яшчэ адно вясёлае свята. Аднак на гэты раз ужо рэкцянскае – «Майстры Жлобіншчыны» – са сваімі непаўторнымі момантамі, разнастайнымі конкурсамі і, безумоўна, са сваімі пераможцамі. Але ж пра ўсё па парадку...

Святочныя ўрачыстасці

Распачалося дзейства ў суботу каля Рэкцянскага Дома рамёстваў «Гасцёўня». Тут вельмі ўтульна размясціліся і прыбраная сцэна, і глядзельная зала, дзе сабралася шмат жадаючых правесці вольны час у добрай кампаніі. А вось ужо на зялёным лужку была разгорнута выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Жлобіншчыны: матрошкі, лялькі, вышыўка, пляценне з лазы, паперы і многае іншае. Знайшлося месца для надзіманых стадыёнаў, ад якіх у неапісальным захапленні былі дзеці, карысталася папулярнасцю і салодкая вата, ад якой было за вушы не адцягнуць малых. Таксама кожны жадаючы мог атрымаць сувенір ад раёнкі, падпісаўшыся на «Новы дзень», згуляць у бяспройгрышную латарэю і нанесці сабе на твар прыгожы рознакаляровы аквагрым. Здавалася, што нават і само сонечнае надвор’е ў гэты дзень весялілася, плясала і спявала разам з рэкцянскімі гасцямі.

Не абыйшлося свята і без прыемных слоў са шчырымі падарункамі. Павітаў усіх гасцей старшыня Лукскага сельсавета Пётр Альхоўскі, які разам са старшынёй прафкама ААТ «Лукскае» Людмілай Блінцовай павіншаваў перадавікоў мясцовай гаспадаркі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Няхай уручыла граматы і ўзнагароды лепшым майстрам дэкаратыўна прыкладной творчасці, задзейнічаным у выставах «Беларускі ручнік» і «Беларуская лялька». Яна таксама выказала падзяку кіраўніцтву «Лукскага» за аказанне дапамогі ў арганізацыі культурных мерапрыемстваў. Не засталася ў баку і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па гэтай акрузе, галоўны рэдактар «Новага дня» Галіна Мельнікава. Ад калектыва рэдакцыі раёнкі яна ўручыла «Гасцёўне» фотаздымкі Мікалая Семянца, перанесеныя на палатно. 

Дружныя спяванкі і смачныя прыгатаванкі

Канцэртная праграма была падрыхтавана творчымі калектывамі Жлобіншчыны: ствараў цудоўны настрой інструментальны дуэт баяністаў «Брава», шмат знаёмых кампазіцый прагучала ў выкананні вакальных ансамбляў «Берасцянка», «Дабаснянка», Арцёма Цяпляшына і іншых салістаў аўтаклуба аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Але ж асаблівую ўвагу прыцягнуў да сябе галоўны конкурс свята – «Жлобінская Яўдоха», які выклікаў як у гледачоў, так і ў членаў журы буру авацый і станоўчых эмоцый. Кожная з удзельніц, а ўсяго іх было пяць, паспрабавала здзівіць не толькі сваімі творчымі, але і кулінарнымі магчымасцямі. Пасля візітнай карткі «Я з сельскай мясцовасці», наступіў самы смачны конкурс. Ад прыгожых гатункаў было не адвесці вачэй: «Чароўны гаршчочак» з бульбай, мясам і грыбамі, лешч пад часночным соусам, каравай, традыцыйная беларуская страва – калдуны, апетытныя блінцы са скваркамі. Удзельнікі не толькі не пашкадавалі лепшых інгрэдыентаў, а нават раскрылі некаторыя сакрэты і падзяліліся рэцэптамі прыгатавання сваіх фірмовых страў. Потым былі запальныя спевы, юмарыстычныя прыпеўкі, танцы і творчае спаборніцтва па вырабу незвычайнай лялькі. З дапамогай самых разнастайных матэрыялаў: шкляных бутэлек, стужачак, пацерак, гузікаў і некаторых круп удзельніцам было прапанавана зрабіць «Рэкцянскую фантазію». Выйшла пяць зусім розных падарункаў, кожны з якіх не толькі атрымаў асабістае імя, але ж і захаваў у сабе часціцу душы майстра.

Адным словам, членам журы было вельмі няпроста выбраць пераможцу. Але ж прафесіяналізм дапамог зрабіць пэўныя крокі да правільнага рашэння. У склад членаў журы ўваходзілі: Валянціна Няхай, Галіна Мельнікава, Пётр Альхоўскі, Людміла Блінцова, а таксама загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лілія Вашкоўская.

У выніку тытула «Руплівая гаспадыня» была ўдастоена Наталля Шышова са Стараруднянскага СДК, «Першай прыгажуняй» назвалі Веру Костусеву, якая прадстаўляла Праскурнянскую бібліятэку, «Непаўторны талент» быў адзначаны ў Галіны Маразевіч з ГУК «ЦКДД Жлобінскага раёна», лепшай «Рэкцянскай весялухай» стала Вера Беразоўская з Рэкцянскага СДК. А вось у галоўнай намінацыі пасля доўгіх разважанняў членаў журы перамагла Любоў Блінцова з Новалукаўскага СДК. Яна і стала «Жлобінскай Яўдохай» (на здымку ўверсе).

Юлія АНДРОСАВА.

Фота аўтара.

Здымкі са свята 

Добавить комментарий

Календарь
наверх