Сегодня: понедельник, 25 сентября 2017г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 1.9366, EUR 2.3198

Курсы валют

1.9366
2.3198
3.3604
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

Культура

У кожным слове роднай мовы мы адраджаемся душой

12.05.2017
278

З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Жлобінскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла выстаўка розных выданняў Бібліі і духоўнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову з прыватнай калекцыі супрацоўніка музея Уладзіміра МАЛЬЦА. Гэтая падзея падштурхнула нас, каб пагаварыць больш дэталёва аб перакладах Святога Пісання на род ную мову.

На выстаўцы ў музеі

Спачатку раскажам пра саму выстаўку. На думку Уладзіміра Мальца, без кнiг Старога i Новага Запаветаў, лiтургiчных і багаслоўскіх тэкстаў, катэхiзiсаў, малiтоўнiкаў i iншай рэлiгiйнай лiтаратуры на роднай мове не можа быць сапраўднага духоўнага адраджэння нашага народа. Збіраць жа мэтанакіравана адпаведную літаратуру наш субяседнік пачаў каля дзесяці гадоў таму назад. І на выстаўку ён прадставіў кнігі Святога Пісання і духоўную літаратуру, выдадзеныя католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі. У тым ліку – «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Марка», «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Лукі», «Новы Запавет Госпада Нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана» на чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. Яны ўбачылі свет у Мінску ў 1999, 2003 і 2005 гадах адпаведна. Пераклад на беларускую мову належыць біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Таксама ў калекцыі Уладзіміра Мальца ёсць «Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запаветаў» ў беларускім перакладзе Васіля Сёмухі (Мінск, 1999), «Святое Евангелле і праблемы перакладу на беларускую мову. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі па абмеркаванні перакладу Святога Евангелля на сучасную беларускую літаратурную мову (Мінск: Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2011), іншыя.

Гістарычны агляд

– Уладзімір, шкада, што ў вашай калекцыі няма выданняў Бібліі Францыска Скарыны, іншых беларускіх першадрукароў і перакладчыкаў. Але Вы, напэўна ж, можаце расказаць аб гэтым…

– Сапраўды, першым друкаваным выданнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, была Біблія Францыска Скарыны. Пераклад быў зроблены з Вульгаты святога Гераніма, перакладзенай на чэшскую мову, – таму канон Святога Пісьма цалкам супадае з заходняй каталіцкай традыцыяй. Пазней выданнем кніг Святога пісання займаліся Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Спірыдон Собаль і іншыя. А вось ад канца ХVІІІ і да 20-х гадоў ХХ стагоддзя Біблія ў Беларусі не друкавалася. На той час беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі і выданні Святога Пісання на нацыянальных мовах не заахвочваліся.

– Калі ж гэтая справа зрушыла з мёртвай кропкі?

– Адным з першых гэтым заняўся каталіцкі бiскуп-суфраган Магiлёўскай архідыяцэзii Сцяпан Данiсевiч. У 1906 годзе ён у Пецярбургу перавыдаў Elementarz dla dobrych dzietak katolikow. Бiскуп Данiсевiч таксама заахвочваў беларускiх святароў пiсаць i выдаваць рэлiгiйныя кнiгi на беларускай мове i сам цэнзураваў некаторыя з iх. Пасля Першай сусветнай вайны ксёндз Ільдэфонс Бобіч (1890–?) выдаў кнігу Niadzielašnija Ewanhielii i Nawuki, якая ўключала біблійныя ўрыўкі. Прыблізна ў 1907–1922 гадах ксяндзом Лісоўскім былі перакладзены Апакаліпсіс, Апостальскія Дзеі, Пасланні св. Паўла да Рымлянаў, Галатаў, Карынтаў. На жаль, гэтыя тэксты пакуль не знойдзены.

У 1926 годзе Вацлаў Ластоўскі (1883–1938) пераклаў кнігі Старога Запавету. Пераклады Святога Пісання рабіліся і ў 1930–40-я гады, у тым ліку і ў замежжы. Так, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг і літаратар Леў Гарошка (1911–1977) зрабіў у Парыжы пераклады некаторых Псальмаў і чатырох Евангелляў. У перыяд з 1949 па 1950 год зрабіў пераклады некаторых кніг Старога Запавету Леанід Галяк (1910–1980). Пачынаючы з 1959 года перакладае і выдае паасобныя кнігі Старога Запавету – «Кнігу Руты, Кнігу прарока Еэля, Кнігу прарока Ёны», «Генезіс», «Кнігу Эклезіяста, або Прапаведніка» Ян Пятроўскі. У 1991 годзе ўбачыла свет ягоная «Эвангэлія паводля св. Яна». І спіс аўтараў можна працягваць. Раю за больш падрабязнай інфарм ацыяй па гэтай тэме звярнуцца да прац сучаснага беларускага пісьменніка, паэта, перакладчыка, каталіцкага святара Сяргея Сурыновіча.

– У вашай калекцыі ёсць пераклады Васіля Сёмухі. Раскажыце падрабязней аб гэтым перакладчыку.

– Нарадзіўся ён у 1936 годзе на тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна. Вучыўся на рамана-германскім аддзяленні філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта імя Ламаносава. Пачынаў перакладаць Святое Пісанне, працуючы ў складзе біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У 1995 годзе зрабіў уласны пераклад Новага Запавету і Псал тыра з рускай мовы. Мова перакладу Сёмухі вельмі багатая, але аўтар дазваляе, як сведчаць іншыя спецыялісты, «непрыкрытую вольнасць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісанне біблейскіх імёнаў, часам – да страты іх запаветнай этымалогіі».

– Калі ласка, раскажыце крыху пра дзейнасць біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на перакладзе Святога Пісання на беларускую мову.

– Яе першае пасяджэнне прайшло 23 снежня 1989 года. Тады спіс камісіі налічваў 20 чалавек. Да справы далучыліся протапрасвітар Віталь Баравы, прафесар Канстанцін Лагачоў з Пецярбурга, тагачасны рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, пазней архіепіскап Пінскі Стэфан, а таксама праваслаўны протаіерэй Сергій Гардун, які ў богаслужэбнай практыцы сёння актыўна выкарыстоўвае беларускую мову. Старшынёй камісіі ўсе гэтыя гады заставаўся мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, яго намеснікам быў прызначаны протаіерэй Георгій Латушка.

– А ці ёсць адпаведная камісія ў беларускіх католікаў?

– Спачатку гэта была секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, якую стварылі ў 1992 годзе. Яе старшынёй быў прызначаны ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. У выніку працы камісіі былі зроблены пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, неабходныя ў той час для выкарыстання ў літургіі і рэлігійнай літаратуры. У 1995 годзе па благаславенні кардынала Казіміра Свёнтка была створана «Мітрапалітальная камісія па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры».

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымках: Уладзімір Малец распавядае пра сваю калекцыю; выданні Святога Пісання на роднай мове.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Календарь
наверх