Сегодня: вторник, 19 июня 2018г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 2.0102, EUR 2.3287

Курсы валют

2.0102
2.3287
3.17
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

Общество

Пра родную Жлобіншчыну ён думаў пастаянна

06.01.2018
762

6 студзеня 2018 года дэлегацыя Жлобінскага раёна – прадстаўнікі райвыканкама, Мормальскай СШ і грамадскасці раёна, прынялі ўдзел у траўрным мерапрыемстве ў Мінску ў сувязі са смерцю ганаровага грамадзяніна горада Жлобіна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага пісьменніка Уладзіміра ФЕДАСЕЕНКІ.

Пайшоў з жыцця беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін горада Жлобіна Уладзімір Канстанцінавіч ФЕДАСЕЕНКА (22.04.1926–3.01.2018).  

Перш за ўсё ён быў сапраўдным патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Калі на родную зямлю прыйшоў вораг (1941 год), нашаму земляку было усяго 15 гадоў. Але юны Уладзімір адразу ўзяў у рукі зброю і змагаўся з захопнікамі ў партызанах, быў разведчыкам, узначальваў дыверсійную групу – гэта значыць знаходзіўся на самым пярэднім краі барацьбы. Быў паранены. У 17 гадоў  за праяўленую мужнасць нашага земляка ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі (ці ёсць яшчэ прыклад, калі б у такім узросце беларус атрымаў такую высокую баявую ўзнагароду?), пазней – ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” I і II ступеняў (таксама – рэдкі выпадак).

Барацьба з нямецка-фашысцкімі акупантамі стала асноўнай тэмай яго літаратурнай творчасці. Пры гэтым усе ваенныя раманы Уладзіміра Федасеенкі – “Дубовая града” (1965), “Віхры на скрыжаваннях” (1970), у пэўнай ступені і раман  “Пасля смерчу” (1975), а таксама апошні, пра малую бацькаўшчыну – “Мутныя росы” (1999) – па сваім змесце глыбока аўтабіяграфічныя. Успамінаючы грозныя ваенныя гады, аўтар пісаў на старонках жлобінскай раёнкі: “Хочацца шчыра падзякаваць землякам, якія дапамагалі мне выжыць у гады ваеннага ліхалецця. На маёй зямлі не сустрэлася ніводнага здрадніка, які б прадаў разведчыка-дыверсанта. Наадварот, многія людзі папярэджвалі мяне аб небяспецы, хавалі”.

Уладзімір Федасеенка пасля вайны стала жыў у Мінску, але часта наведваўся на малую радзіму – на Жлобіншчыну, дзе ён з быў жаданым госцем. Тут яго ведалі, любілі і паважалі, абавязкова штогод запрашалі на святкаванні Дня Перамогі – на 9 мая, і на чарговы дзень вызвалення Жлобіна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў – 26 чэрвеня. Яго запрашалі і ў родную Мормальскую школу, іншыя школы Жлобіншчыны. Уладзімір Федасеенка вельмі любіў сустракацца са школьнікамі, яны былі ўважлівымі слухачамі. Аўдыторыю Уладзімір Канстанцінавіч мог трымаць гадзінамі, таму як ён расказваў праўду пра вайну.

Асабіста мне пашчасціла быць блізка знаёмым з гэтым чалавекам звыш дваццаці гадоў. Часта Уладзімір Федасеенка перад тым як адправіцца ў дарогу, тэлефанаваў мне, каб сустрэцца. Ён не раз паўтарў:

– Пра родны край я думаю пастаянна. На Жлобіншчыне я нарадзіўся, змагаўся з ворагам, чэрпаў матэрыялы для сваіх твораў. І ва ўсіх маіх кнігах адна праўда.

…Пахавалі Уладзіміра Федасеенку на Паўночных могілках у Мінску з ваеннымі ўшанаваннямі, з аружэйным салютам. Вечная яму памяць.

Мікалай ШУКАНАЎ, супрацоўнік жлобінскай райгазеты “Новы дзень”, краязнавец.
На здымках: 2000 г.: на святкаванні 100-годдзя Мормальскай СШ: выпускнікі школы: пісьменнікі Уладзімір Федасеенка (першы злева), Уладзімір Содаль (другі справа), ветэран ВАВ Павел Сідаравіч Барадынцаў (першы справа) і былы настаўнік школы Мікалай Шуканаў (фота Аляксандра Іванькова); пад час развітання з пісьменікам на Паўночных могілках.

Фота Мікалая ШУКАНАВА.

Добавить комментарий

Календарь
наверх