Сегодня: понедельник, 29 мая 2017г.
Жлобин -

Прогноз погоды

Данные о погоде предоставлены FORECA
USD 1.8598, EUR 2.0868

Курсы валют

1.8598
2.0868
3.2799
Данные о валюте предоставлены NBRB.BY
Есть вопрос?
свяжитесь с нами:
+ 375 (2334) 7 80 90
написать нам

Общество

Малая вёска на карце раёна: непрыкметна пусцеюць Васілевічы…

19.05.2017
353

Цішыня. Прырода. Свежае паветра. Спевы птушак. Ветлівыя людзі. І... казка ў інтэр’еры дамоў... Усё гэта – аб вёсцы Васілевічы Дабрагашчанскага сельскага савета, у якой мы пабывалі ў рамках праекта нашай газеты «Малая вёска на карце раёна». Аб тым, як прыгожа жывуць мясцовыя жыхары, вы, паважаныя чытачы, можаце даведацца, дзякуючы фотаздымкам, зробленым падчас паездкі. Не паверыце, але ў кожным доме, дзе мы пабывалі, жывуць гаспадыні-майстрыхі, рукамі якіх беражліва вышыты іх фартухі, ручнікі, навалачкі, заслоны...

Першай нас сустрэла Валянціна Канстанцінаўна Гаўрыленка. Яна распавяла, што ўсе называюць яе Касьянаўна або Касьяніха, і папрасіла ўдакладніць гэты момант у артыкуле, таму што «людзі, якія яе ведаюць і будуць чытаць газету, могуць не зразумець, адкуль такая блытаніна з імёнамі». Выконваем просьбу гаспадыні.

Жанчына запрасіла нас увайсці ў светлую гасціную. Беласнежныя заслоны і навалачкі, ручнікі на сценах, вышытыя рознакаляровымі ніткамі і кветкавымі ўзорамі.  Адчуванне, што ты робіш крок са звычайнага жыцця ў народную казку, а на самой справе проста пераступаеш невялікі парог з аднаго пакоя ў іншы.

Валянціна Канстанцінаўна жыве ў Васілевічах ужо амаль 50 гадоў. Калі выйшла замуж, пераехала з вёскі Ляды, у якой нарадзілася, да мужа. Адразу ўладкавалася даяркай на ферму. Нарадзіла дзвюх дачок і сына, а цяпер не нарадуецца шасці ўнукам. А хутка, прызналася жанчына, павінен нарадзіцца праўнучак:

– Цяпер у горадзе і школа пад бокам, і гурткі, і спартыўныя секцыі. А мы сваіх дзяцей у суседняе Заброддзе вучыцца адпраўлялі пасля трох класаў, а пасля васьмі – і зусім у Дабрагошчу. Яны хадзілі пешшу. Хоць і вёска ў нас была вялікая – пад дзвесце чалавек. У кожным двары па дзве-тры каровы, а цяпер адна засталася на ўсё сяло: толькі мы карову трымаем і тое, напэўна, апошні год. У нас у гаспадарцы і свінні, і качкі, і куры... Працаваць цяжка, хоць і дзеці дапамагаюць ва ўсім.

Да нашай размовы далучыўся муж Валянціны Канстанцінаўны – Мікалай Іванавіч, ураджэнец Васілевічаў:

– Цяпер вёска вымірае. Нас тут усяго 18 чалавек засталося, палова з іх – дачнікі. Моладзь з’язджае... Тут, калі Вы ведаеце, брацкая магіла. У ёй пахаваны 300 савецкіх салдат якія загінулі ў баях каля вёскі ў чэрвені 1944 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 13 двароў і забілі больш двух дзясяткаў жыхароў. У 1944 годзе ў вёсцы размяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войскаў.

Развітаўшыся з гаспадарамі, мы адправіліся ў госці да Марыі Андрэеўны Коваль, каб яна падзялілася сваімі ўспамінамі аб вёсцы, аб тым, як тут раней людзі працавалі і адпачывалі. Пераступіўшы парог яе дома і зноў убачыўшы вышыўку, тканыя пакрывалы, абрусы, звязаныя кручком, мы пацікавіліся, ці займаецца рукадзеллем гаспадыня дома цяпер. Яна адказала:

– Вочы ўжо не бачаць і рукі не слухаюцца. Застаецца толькі любавацца на тое, што рабіла калісьці. Я сама сабе здзіўляюся, як паспявала двух сыноў выхоўваць, працаваць, хатняй гаспадаркай займацца... Тады ж у вёсцы чатыры статкі кароў было. У нас чатыры вуліцы і на кожнай з іх быў свой пастух. Калі людзей стала менш, дзве вуліцы аб’ядналіся. Працавалі мы ў калгасе імя Максіма Горкага, калі далучыліся да Дабрагашчанскай гаспадаркі, ён стаў называцца саўгас «Мормаль». Памятаю, палі, дзе цяпер нафтавыя вышкі стаяць, не засявалі, бо там адно балота было. Мы цэлымі кошыкамі выносілі буякі (голубика – прим. авт.). Потым балоты гэтыя пачалі асушваць. Можа, яно і не трэба было, хто ведае.

– Скажыце, калі ласка, Вы ўраджэнка гэтай вёскі? – пацікавілася я.

– Так, тут нарадзілася, тут і памру! – адказала жанчына, а я зноў спытала:

– Ці ведаеце Вы, чаму вёска называецца Васілевічы?

– А чаго ж. Ведаю. Першага жыхара звалі Васіль. Таму і Васілевічы, – сказала яна.

Ад Марыі Андрэеўны наш шлях ляжаў да Надзеі Яфімаўны Губы. Яна нарадзілася ў 1936 годзе ў вёсцы Заброддзе, якая знаходзіцца зусім побач з Васілевічамі. Гаспадыня памятае, як пачалася вайна, як праводзіла бацьку па першай мабілізацыі на фронт, адкуль ён не вярнуўся. Яна ўспамінае, як іх эвакуіравалі за Дняпро, баючыся, што заб’юць акупанты. Надзея Яфімаўна распавядала і аб цяжкім пасляваенным часе:

– У мяне быў малодшы брат, і мама баялася пакідаць яго аднаго. Я ж у школу хадзіла, а яна – на працу, за ім няма каму глядзець... Вы ведаеце, тады такі страшны час быў – хлапчукі знойдуць у лесе або ў полі снарад, натрапяць на бомбу або міну. Ім адрывала рукі, ногі... Мама баялася гэтага, таму папрасіла маю настаўніцу, каб брацік хадзіў са мной у школу і ў класе разам сядзеў. Так мы і жылі, пакуль ён сам вучыцца не пачаў.

Тады, пасля вайны, трэба было працаваць, не пакладаючы рук, каб пракарміць сям’ю. Вось і яна дапамагала маці – пасля 7-га класа ўладкавалася даяркай. У 1960-м выйшла замуж і перехала да мужа ў Васілевічы. Праз год у іх нарадзілася дачка, потым яшчэ адна, затым сын. Цяпер у жанчыны шэсць унукаў і чатыры праўнукі. Надзея Яфімаўна сорак гадоў працавала даяркай. Яна згадвае, што спачатку даіла ўручную, потым з дапамогай апаратаў... А калі ішла на пенсію, зразумела, што ферма прыходзіць у заняпад. У хуткім часе яна апусцела, разам з ёй непрык- метна апусцела і вёска.

Аб усім гэтым жанчына расказвала, як вы ўжо здагадаліся, у беласнежнай гасцінай, дзе абрусы і заслоны вышыты рознымі ўзорамі, куды часта запрашае сваіх сябровак не толькі на вячоркі, але і на сапраўдныя рэпетыцыі. Бо Васілевічы – гэта радзіма вакальнага ансамбля «Васілевіцкія весялухі».

Ансамбль заўсёды карыстаўся папулярнасцю на Жлобіншчыне і за яе межамі. І нават сёння песні «Васілевіцкіх весялух» можна пачуць на розных раённых мерапрыемствах. Прыемна і тое, што дзякуючы намаганням і актыўнай жыццёвай пазіцыі салістак ансамбля, ён існуе да гэтага часу. Не паспрачаешся з тым, што пакрыху пусцеюць Васілевічы, але яны будуць жыць у памяці людзей, пакуль жыве беларуская песня.

Таццяна СКОБЕЛЕВА.

Фота аўтара.

Читайте ndsmi.by в "Одноклассниках"

Читайте ndsmi.by в "Контакте"

Читайте ndsmi.by в "Фейсбуке

Читайте ndsmi.by в "twitter

Добавить комментарий

Календарь
наверх